СТУДЗЕНЬ
А лес стаіць,
маўклівы ціха,
Не зварухне свайго галля…
Зіма, зіма… Бы ў цвеце ліпа,
У белым снезе ўся зямля.
Пятро Глебка
Студзень
Вось наступіў і
месяц студзень,
Няхай жа кожнаму вам шчасце будзе!
У студзені цудоўная прырода,
Такой прыгажосці няма на працягу года.
З студзеня год пачынаецца,
Хай кожнага мара збываецца.
На Новы год ёлкі нараджаюць,
Паўсюды агенчыкі як зоркі ззяюць.
Калі б’юць на Новы
год куранты,
Рады гэтаму будучыя курсанты.
Бо могуць жаданне загадаць,
Каб выдатна ў вучобе паспяваць.
Хоць на вуліцы
мароз,
Але сувораўцы здаюць з ахвотай крос.
Не страшны ім ні снег, ні сцюжа,
І ў бядзе не пакінуць цябе “дружа”.
І з вамі я магу
паспорыць,
Што месяц студзень цуды творыць.
Усім крыўды прабачае,
Дабра і радасці жадае.
Уладзімір Пакладок 2011
Пятрусь Макаль: Дзень добры, таварыш Студзень!
Студзень —
не той студзень,
што ставяць на стол часамі.
Дружыць мы са Студзенем будзем —
вы гэта пабачыце самі…
Студзень —
самы першы
Сярод братоў-месяцаў.
Яму — і песні і вершы,
дзе ўся наша ўцеха змесціцца.
Хоць і марозны і колкі,
ён з намі карагодзіць
ля навагодняй ёлкі,
ёлкі —
чароўнай вясёлкі,
што ў кожны дом прыходзіць.
У бегу па лёдзе рыўкамі
нават завею суцішым:
мы на катку канькамі
вясёлую азбуку пішам…
А хто там,
паддаўшыся страху,
вягляд зрабіў горкі?
Смялей жа!
Ляці з размаху
на лыжах з высокай горкі!
Па густу прыгоды здаровым,
не боязна ім і ўпасці.
Куляцца ў снезе пуховым —
гэта таксама шчасце.
А тым, хто ўтрываць не можа
лыжнай імклівай гайданкі,
Студзень парадай паможа:
— Сядайце, сябры, на санкі!
Хоць і мароз прыпякае,
у бегу мы ног не застудзім.
З нас кожны шчасліва гукае:
— Дзень добры,
таварыш Студзень.
ЛЮТЫ
Над палямі заснуўшай краіны
Разгуляліся снег і вятры,
Замяцелілі беллю даліны,
Карагодам пайшлі па гары.
Міхась Машара
Месяц люты
Вясёлы месяц люты,
Мяцеліцай раскуты, —
Шумі вятрамі, грай!
Вятры пабралі лютні,
Імчаць у свет бязлюдны.
Праводзіны?
Адходзіны?
Зіме?
Гэй, пачынай!
Давай!
Давай!
Ах, ах, ды ў гэтым
месяцы
Яшчэ забіты весніцы,
Марозам прымарожана,
Прымружана
Шчэ лужына
Завейлівым сняжком.
Гудзе вятрамі
вуліца,
Як бубен дом.
Мяцеліца пасцелецца
Ад рання да цямна.
Апоўначы насмеліцца
Адліга —
Месяц крыгай
Да самага відна.
А зорка — во свавольніца! —
Пад раніцу расколецца
Аб шыбіну акна.
— Скажыце! Навіна!
Кажыце не кажыце,
Ідзе вясна! М.Стральцоў
Красавіцкая навальніца
Небу цёмна-сіняму і
ветру
Скардзіліся чорныя палі:
«Сонцам мы вясновым абагрэты,
А дажджу даўно ўжо не пілі!»
I тады прыйшлі
паважна хмары —
Айсбергі падсонечных вышынь.
Гром у бубны гулкія ударыў,
Цішыню густую пакрышыў.
Я люблю часіну
навальніцы,
Калі б’е пярун па ўсіх ладах
I злуюцца ў хмарах бліскавіцы,
Кроплі асыпаючы на дах.
А струмені звоняць,
нібы струны,
Прагна п’е іх смяглая зямля;
Травы прарастуць, густыя руні
Забушуюць хутка на палях.
Адгулі грымоты і замоўклі.
Усюды шмат срабрыстых ягад-рос.
Елкі цёмнагрывыя намоклі,
Сушаць вербы пасмы жоўтых кос.
На зямлю блакіт
праліўся — лужын
Шмат блішчыць усюды, а ў вадзе
Сонца промні зыркія варушыць,
Ніткі залацістыя прадзе.
Ў сетцы дрэў ідзе
птушыны мітынг —
У азоне спеў ярчэй грыміць.
А зямля абмытая дыміцца,
Дыхаючы поўнымі грудзьмі.
На сустрэчу ёй
выходзяць людзі:
«Сейбітаў, радзімая, прымай!»
Я на ўсіх прыкметах бачу — будзе
Сёлета багаты ураджай.
Пімен Панчанка
КРАСАВІК
Пушчы наважныя, зіму праспаўшыя,
Радасна песні зайгралі свае;
Лісці зашасталі, птушкі зачыркалі, свішча
салоўка і дзяцел клюе…
Янка Купала
САКАВІК
Жылы дрэў
напоўніліся сокам
Ручаі імкнуцца да ракі
Неба стала чыстым і высокім
І пяюць вясёлыя шпакі.
Пімен Панчанка
Якія шэдэўры стварае мастак-сакавік!
Якія шэдэўры
стварае мастак-сакавік!
Сівыя палотны грунтуючы марай-надзеяй,
Ён фарбы вясёлкі збірае на пэндзаля цвік
І ўводзіць у свет паэтычнай душой чарадзея.
У шэрых нябёсах
малюе малінавы сон.
Запэцканы снег адсіняе шыкоўным адценнем.
Яго акварэлі змяняюць графічны сезон –
І зноў ажываюць пяшчотай паўтоны, паўцені.
Ён птушак гукае –
каб радасцю дрэвы гулі.
Звініць ручаямі, купае праменчыкі сонца.
Спаўняе сімфонію “Цуды вясновай зямлі”,
Злучаючы колеры, гукі і пахі бясконца.
На дзіўную музыку
промні мазкамі кладзе,
Яскравым святлом сагравае жывыя малюнкі
І шчасце даруе… Вясна-прыгажуня ідзе!
Хто ў шапку не спіць, той збірае яе пацалункі…
Таццяна Дзям’янава
.
Капяжы…
Капяжы,
Капяжы са стрэх.
Верабей —
Кіпцюркі сагрэў,
Ацяжэў набрынялы снег.
Ацяжэлі галіны дрэў.
Нібы першы вясновы
гром,
Рэха кінуўшы між бароў,
Абудзіў раку крыгалом,
У гурты пазбіраў звяроў.
Пад птушыны нясмелы
ўскрык
Ручаінка з гары паўзе.
Сакавік —
Вясны маладзік —
Праразаецца пакрысе.
Пачынаюцца і ў душы
Весняй радасці
Капяжы.
Анатоль Грачанікаў